Новая канцэпцыя Ford уключае актыўнае прымяненне беларускай мовы

ford

Кампанія Ford прыступіла да рэалізацыі спецыяльнай канцэпцыі прасоўвання сваіх прадуктаў і сэрвісных паслуг у Беларусі. Яна заснаваная на выкарыстанні новых камунікатыўных інструментаў, уключаючы практычнае прымяненне беларускай мовы.

Тэмай першай рэкламнай кампаніі Ford на беларускай мове стане якасць абслугоўвання ў фірмовым сэрвісным цэнтры. Пры гэтым выкарыстанне беларускай мовы не абмяжуецца толькі рэкламнымі слоганамі, плакатамі і шчытамі. Кампанія ўспрымае моўную канцэпцыю шырэй і дапускае выкарыстанне дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь у вусных зносінах з кліентамі салона або сэрвіснага цэнтра.

«Не так шмат кампаній выкарыстоўвае беларускую мову для кантакту са спажыўцамі на тэрыторыі рэспублікі. Магчыма таму, што ў краіне акрамя нацыянальнай існуе і актыўна выкарыстоўваецца руская мова, якая для буйных міжнародных кампаній здаецца больш зручнай для рэкламных кампаній. Мы не разлічваем змяніць гэта, або быць прыкладам для іншых кампаній. Наша задача быць бліжэй да беларусаў, у тым ліку і за кошт выкарыстання дзвюх дзяржаўных моў: рускай і беларускай», — гаворыць кіраўнік аддзела маркетынгу афіцыйнага імпарцёра Ford у Беларусі кампаніі «Атлант М Вест» Сяргей Скляраў.

Для таго каб пашырыць і замацаваць практыку прымянення беларускай мовы, кампанія Ford плануе правядзенне ў аўтацэнтры «Атлант М Баравая» Ford адмысловых «дзён беларускай мовы» у рамках якіх зносіны работнікаў цэнтра з кліентамі будуць адбывацца ў асноўным па-беларуску.

Крыніца: Ford.by