Першая антыпрэмія знойдзе апошніх рэкламістаў

adnak!

Прафесіяналы беларускага рэкламнага рынку адзначаюць, што ўзровень беларускай рэкламы пакуль што досыць нізкі. І сярод прадуктаў сустракаюцца «перлы», якія матывуюць спажыўцоў не да пакупак, а да добрага, шчырага смеху, альбо адкрыта раздражняюць і нервуюць.

Арганізатары Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! вырашылі, што і падобныя рэкламныя прадукты павінны ўзнагароджвацца прызамі. Такім чынам узнікла намінацыя «Каша сувораўская», якая стала своеасаблівай антыпрэміяй. Яна мае мэтаю звярнуць увагу беларускіх рэкламістаў на тое, што неабходна больш адказна ставіцца да выкарыстання фактаў беларускай гісторыі і культуры ў сваіх прадуктах.

Каардынатар культурніцкай кампаніі «Будзьма», аднаго з арганізатараў фестывалю AD.NAK!, Ніна ШЫДЛОЎСКАЯ тлумачыць, што антыпрэмія «Каша сувораўская» можа стаць своеасаблівым люстэркам, у якім будуць адбівацца ўсе памылковыя гістарычныя і культурныя стэрэатыпы, якія існуюць у сучаснай рэкламе.

– «Каша сувораўская» – гэта толькі пачатак, – разважае дырэктар камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM Андрэй Эзерын, аўтар ідэі конкурсу «Кашы сувораўскай». – Такім чынам мы спрабуем зрабіць нейкі крок насустрач пісьменнаму беларускаму брэндынгу. І вось гэта адзін з інструментаў. Магчыма, мы падштурхнем іншых людзей да стварэння чагосьці больш эфектыўнага.

А. Эзерын лічыць, што найбольш актыўны ўдзел у намінацыі прымуць блогеры. Яны даволі дынамічныя, усё заўважаюць і заўсёды носяць з сабой фотакамеру. І ад іх можна чакаць найбольшай колькасці прыкладаў няўдалай рэкламы.

Разам з тым арганізатары падкрэсліваюць, што прымаць удзел у намінацыі можа кожны ахвочы. І ён можа прысылаць усе прыклады рэкламных работ, якія не адпавядаюць беларускім культурным традыцыям, фактам айчыннай культуры альбо проста зроблены непрафесіійна і нелагічна.

З асаблівым піетэтам будуць прымацца работы ад рэкламных агенцтваў, якія не пасаромеюцца прадэманстраваць грамадскасці свае памылкі і тым самым паказаць, як рабіць не трэба. Для іх заснаваны адмысловы прыз – «За выпраўленне памылак». Ён будзе ўручацца за сапраўдную смеласць і мудрасць, а таксама за ўменне пасмяяцца з сябе.

«Няўменне пасмяяцца з сябе – прыкмета такой нядобрай рэчы, як ганарлівасць. Ну а працаваць без памылак, ды і жыць увогуле, наўрад ці атрымаецца. Проста важна памятаць, што памылкі тэхнічныя ці «вытворчыя» – гэта непазбежнасць. Ментальны ж, усвядомлены «касяк», заснаваны на ляноце, нематываванасці і цынізме – гэта ўжо чорная кармічная метка», – лічыць крэатыўны дырэктар РА Forte Grey Belarus Андрэй ХАЛЕЦКІ.

Для ўдзелу ў намінацыі «Каша сувораўская» неабходна зрабіць некалькі простых крокаў. Найперш зайсці на сайт Фестывалю AD.NAK! – adnak.by. Пасля гэтага трэба запоўніць рэгістрацыйную форму і падаць сваю работу ў адпаведным раздзеле, запампаваўшы яе на сайт з тлумачэннем, чаму яна можа лічыцца прэтэндэнтам на атрыманее антыпрэміі «Каша сувораўская».

Да ўдзелу ў намінацыі прымаюцца фотаздымкі ў любой якасці. Галоўнае, каб было зразумела, што выяўлена на рэкламе.

Таксама Фестываль у якасці генеральнага партнёра падтрымаў вядучы беларускі партал TUT.BY. Таксама ён стаў партнёрам намінацыі «E. Інтэрнэт-рэклама (банеры, прома-сайты, інтэрактыўныя праекты і інш.)», у межах якой, акрамя прызоў аргкамітэта, для пераможцаў і фіналістаў будуць прадуглежданы прызы ад парталу. Нагадваем, што ў гэтай намінацыі могуць удзельнічаць беларускамоўныя версіі камерцыйных і некамерцыйных сайтаў, парталаў, інфармацыйных рэсурсаў і г.д.

Работы прымаюцца аргкамітэтам Фестывалю да 6 чэрвеня.

Аргкамітэт адкажа на любыя пытанні, які датычацца намінацыі «Каша сувораўская» і фестывалю AD.NAK!, па тэл. +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо па e-mail adnak@budzma.org. І не забывайцеся раз-пораз наведваць сайт фестывалю adnak.by – там ёсць шмат новага і цікавага.

Крыніца: Tut.by