У Мінску прайшоў круглы стол па праблеме беларускамоўнай камунікацыі

adnak!

Рэкламісты, прадзюсары, выдаўцы сабраліся на круглы стол, што прайшоў у межах фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!, каб знайсці адказ на пытанне: як зрабіць паспяховай і эфектыўнай рэкламу па-беларуску?

У шырокім сэнсе дыскусія тычылася беларускіх культурных праектаў. На Другім фестывалі рэкламы AD.NAK! было вырашана вылучыць такія праекты ў асобную катэгорыю. Тэму абазначыў мадэратар круглага стала Сяргей Скараход: «Мы мусім высветліць, якім чынам культурным ініцыятывам выходзіць на аўдыторыю, як будаваць камунікацыю, каб рэалізаваць праект і зацікавіць людзей, бо існуе з гэтым праблема», – заявіў кіраўнік інтэрнэт-рэсурса Marketing.by і прапанаваў на абмеркаванне першае пытанне: «Ці стала беларуская мова мовай культурных камунікацый?»

Але размова адразу перайшла да шырэйшых тэмаў. «Калі робіш беларускамоўны праект, аніяк нельга яго аддзяліць ад палітыкі і сацыяльных адносінаў», – адзначыў Улад Пятнік, рэдактар інтэрнэт-выдання «Le Monde diplomatique у Беларусі». Сябра рэдакцыі часопіса «Прайдзісвет» Юлія Цімафеева і арт-дырэктар кнігарні «Логвінаў» Павел Касцюкевіч на тое зазначылі, што іх праекты займаюць сваю нішу. Пераклады і кнігі добра разыходзяцца, няхай сабе і не на вялікую аўдыторыю. «А мы наўмысна карыстаемса расійскай мовай, бо спрабуем выйсці за межы краіны», – выказаўся пра сваю справу кіраўнік фота-праекту Zнята Сяргей Міхаленка.

Больш-менш сышліся на тым, што мова ў дадзеным выпадку не першаснае. «Усё залежыць ад цікавасці праекту: чым будзе болей арыгінальных і крэатыўных задумаў па-беларуску, чым больш прафесійным будзе прадукт, тым большай будзе камунікацыя. І прыклады таму ёсць», – зазначыў Андрэй Эзерын, дырэктар камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM.

З таго паўстала другое пытанне – «Чаго не стае арганізатарам культурных эвентаў, каб працаваць прафесійна?». «Няма разумення рынка, падзелу абавязкаў. Рэкламіст у нас усе ролі выконвае: ён і дызайнер, і піяршчык, і кампазітар. І гэта адбіваецца на выніку не лепшым чынам», – маментальна зрэагаваў кіраўнік рэкламнай групы «Адліга» Анатоль Лазар. Прысутныя згадзіліся з тым, што ў беларускіх праектаў бюджэты мізэрныя. Чаго там казаць – Samsung і Renault адмовіліся ад рэкламы па-беларуску ў нашай краіне, як толькі іх прадстаўніцтва змяніла юрыдычную прапіску з Кіева на Маскву: крэатыў, што распрацоўваецца ў Маскве, ідзе і на Мінск. Адаптаваць рэкламу пад нашу краіну і перакладаць слоганы на беларускую палічылі залішняй раскошай. Паказальны прыклад з іншага боку прывяла і каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская: адзін яе знаёмы рэкламіст, свядомы і беларускамоўны па жыцці чалавек, на яе пытанне, чаму ён робіць рэкламу толькі на расійскай мове, здзіўлена адказаў: «А я неяк не дадумаўся па-беларуску».

«Галоўнае – скарыстацца магчымасцю: вось velcom упусціў магчымасць зацвердзіцца ў якасці беларускай кампаніі, а Gallina Blanca трывала ўвайшла ў свядомасць з слоганам «З першай лыжкі», – прывёў прыклад рэкламіст Дзмітры Вайніцкі.

Прыйшлі да таго, што неабходныя лічбы, якімі можна апераваць пры прыняцці рашэнняў у рэкламнай сферы, каб з дапамогай пэўных паказчыкаў можна было адказаць на пытанні, чаму выгодна рабіць рэкламу па-беларуску, як гэта адаб’ецца на попыце і г.д. Крок у гэтым кірунку будзе зроблены: на другім фестывалі AD.NAK! прадставяць вынікі сацыялагічнага апытання на тэму эфектыўнасці камунікацый па-беларуску.

Наконт трэцяга пытання дыскусіі было найменш. «Ці ёсць на беларускім рынку гульцы, якія былі бы здольныя рабіць прафесійны прадукты па-беларуску?». «Буйныя адназначна не гатовы, бо беларуская мова ў нас не стала мовай камунікацый. Мы ўнікальная краіна, дзе родная мова не ёсць асноўная. Як толькі гэта праблема вырашыцца, усё з’явіцца, тым больш, што патэнцыял ёсць», – выказаўся дызайнер Алег Усціновіч.

Напрыканцы ўдзельнікі дыскусіі намагаліся назваць самыя гучныя беларускамоўныя праекты, якія паўсталі за апошні год-два. Акрамя галерэі «Ў» згадалі яшчэ пару выдавецкіх праектаў, «адлігаўскую» прадукцыю – і ўсё. Галоўны рэдактар «Комсомольской правды в Белоруссии» Галіна Малішэўская назвала яшчэ том беларускага мастака Івана Хруцкага, якога ўдалося ўключыць у калекцыю расійскай «Камсамолкі» – «Вялікія мастакі свету» (кожны том разыходзіцца па Расіі накладам у 100 000), а каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская – серыю святочных паштовак, якія разышліся ў Беларусі за два дні накладам у 10 000 асобнікаў.

«У нашай інфармацыйнай прасторы пуста. Нават сярод тых, хто робіць сваю справу, няма камунікацыі. Таму асноўная праблема – у саміх стваральніках праектаў, іх малой актыўнасці ў абмене інфармацыяй. Не мусіць быць мова дзеля мовы. Мы павінны падыходзіць да сваёй справы з розумам, і тады наша сфера будзе квітнець», – гэтак паспрабаваў падсумаваць вынік дыскусіі Сяргей Скараход.

Крыніца: Marketing.by