У Мінску стартаваў Першы фестываль беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі Adnak!

ad.nak!

У Мінску пачаўся конкурсны этап Першага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі Adnak!

Галоўная мэта падрыхтоўчага перыяду – сабраць усе працы беларускіх рэкламiстаў, зробленыя на беларускай мове за апошнія тры гады. Ідэя фестывалю належыць агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якая стварае і падтрымлівае мерапрыемствы, скіраваныя на развіццё беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Арганізацыйным партнёрам фестывалю выступіў спецыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Marketing.by.

«Беларускамоўнай рэкламы ў эфіры, на старонках друкаваных выданняў, на вуліцах нашых гарадоў павінна быць нашмат болей – гэта сацыяльны імператыў. Колькасць людзей, якія хочуць успрымаць самую розную інфармацыю, у тым ліку і праз рэкламу, на беларускай мове дынамічна расце, – адзначыла на прэс-канферэнцыі з нагоды пачатку фестывалю каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская. – Аднак гаворка ідзе не толькі пра мову. Сапраўдная рэклама, як і любая мастацкая праява, павінна быць зроблена з улікам ментальных асаблівасцяў Беларусі, яе жыхароў, толькі ў такім выпадку яна зможа стаць па-сапраўднаму адметнай».

Арганізатары фестывалю лічаць важным вызначыць становішча беларускамоўнай рэкламы на сучасным этапе. Неабходна не толькі сабраць максімальную колькасць працаў і ўдзельнікаў, але і зразумець, як далей будзе развівацца гэты кірунак рэкламы ў нашай краіне. Менавіта таму спаборніцкі акцэнт, які ўласцівы фестывалям рэкламы, пакуль што адсунуты на другі план.

Адзначым, што да мая 2010 года амаль ніхто ўсур’ёз не займаўся сістэматызацыяй і аналізам беларускамоўнай рэкламы, нягледзячы на тое, што ў апошні час павялічваецца цікавасць рэкламістаў да ўжывання ў сваіх работах беларускай мовы.

«Рэклама як частка сучаснай масавай культуры з’яўляецца сёння важным элементам у станаўленні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. У сваю чаргу, рэкламісты і маркетолагі – гэта найбольш актыўная і перадавая частка сучаснага грамадства, людзі, якія стала імкнуцца да новага. Усе сучасныя тэндэнцыі знаходзяць адлюстраванне перш за ўсё ў рэкламе, – адзначае Сяргей Скараход, кіраўнік спецыялізаванага рэсурсу Marketing.by. – Мы ўпэўненыя, што Adnak! будзе садзейнічаць выпрацоўцы нацыянальных прыярытэтаў у рэкламе, пошуку новых формаў камунікацыі, выяўленню важных, цікавых і эфектыўных тэндэнцый у грамадскіх камунікацыях».

Удзельнікамі фестывалю могуць быць як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку (рэкламныя агенцыі, студыі, СМІ ды інш.), так і асобныя аўтары, фрылансеры і грамадскія аб’яднанні. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў няма.

Да ўдзелу ў конкурсах прымаюцца таксама яшчэ не рэалізаваныя праекты, зацверджаныя замоўцам. Прадугледжаны спецыяльны конкурс для праектаў, якія не прайшлі ўзгадненне ў замоўцы.

Работы прымаюцца Аргкамітэтам фестывалю па адрасе adnak@marketing.by з 14 мая па 23 чэрвеня 2010 года.

Удзел у фестывалі бясплатны.

У межах фестывалю прадугледжаныя наступныя конкурсы:

— Тэлевізійная і кінарэклама
— Друкаваная і вонкавая рэклама
— Дызайн (паштоўкі, календары, буклеты, лагатыпы, фірмовы стыль)
— Этыкетка і ўпакоўка
— Інтэрнэт-рэклама (банэры, прома-сайты, інтэрактыўныя праекты і інш.)
— Радыё ці аўдыёрэклама (ролікі для радыёэфіру і для эфіру ў залах гандлёвых аб’ектаў)
— Рэкламныя кампаніі, промаакцыі ды інш. праекты
— Сацыяльная рэклама (ТБ, вонкавая рэклама, постэры і інш.)

— Конкурс маладых беларускіх рэкламістаў (да 28 гадоў)
— Конкурс «Самы беларускамоўны сусветны брэнд»
— Конкурс «Створаны, але не рэалізаваны праект»

Дадатковая інфармацыя пра фестываль даступная з 13 мая на сайце фестывалю Adnak.by, на інтэрнэт-рэсурсах Budzma.org i Marketing.by, а таксама на партнёрскіх сайтах.

Фестываль скончыцца ў канцы чэрвеня ўрачыстай цырымоніяй, на якой па рашэнні журы пераможцы будуць адзначаныя спецыяльнымі прызамі Adnak! Пакуль дакладна не вядома, якая перыядычнасць будзе ў новага фестывалю рэкламы, для гэтага важна зразумець многія прынцыповыя моманты, адзначаюць арганізатары мерапрыемства.
Магчыма, што з цягам часу Adnak! ператварыцца ў поўнафарматны фестываль, які стане магутным інструментам развіцця беларускай рэкламнай індустрыі.

Крыніца: Marketing.by